помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу ў в. Шумакі Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1609 князямі Шуйскімі. Невялікі 1-нефавы мураваны храм вырашаны ў простых масіўных формах. Да прамавугольнага ў плане асн. нефа прылягаюць бабінец і паўкруглая алтарная апсіда. Неф і апсіда накрыты агульным 2-схільным дахам з галоўкай на 8-гранным барабане ў цэнтры. Над бабінцам была квадратная ў плане вежа з высокім шатровым дахам (не захавалася). Сцены аздоблены шырокімі пілястрамі, завершаны прафіляваным карнізам. Аконныя праёмы са стральчатымі і лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры разныя царскія вароты ў стылі барока, іканастас 18 ст., надмагільная пліта 17 ст.